Віктар Праўдзін: ПАДЗЕІ

Творчая сустрэча у Германавічах

ЭКАЛОГІЯ ДУШЫ Ў ТВОРЧАСЦІ ВІКТАРА ПРАЎДЗІНА
На мінулым тыдні Германавіцкая бібліятэка гасцінна расчыніла дзверы для вядомага беларускага пісьменніка Віктара Праўдзіна. На сустрэчу былі запрошаны настаўнікі і вучні 9-11 класаў  ДУА” Германавіцкі  дзіцячы сад-сярэдняя школа  Шаркаўшчынскага раёна”.
 Да сустрэчы бібліятэкар падрыхтавала выставу кніг пісьменніка пад назвай ”Экалогія душы ў творчасці Віктара Праўдзіна”.
Вядучая мерапрыемства, бібліятэкар Таццяна Хоміч, паведаміла аб тым, што Віктар Праўдзін стаў лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў наманацыі “ Лепшы твор прозы 2020 года” за кнігу ”Парыж, Эйфелева вежа і…”. Віктар Аляксандравіч расказаў пра напісанне гэтай кнігі і яе першую прэзентацыю, якая адбылася ў Вішоўскай школе Бялынічскага раёна Магілеўскай вобласці.
Шмат цікавага пісьменнік расказаў пра сваю творчасць і яркія моманты з жыцця, якія нярэдка станавіліся сюжэтамі апавяданняў, аповесцей, раманаў і нават казак. Аўтар шчыры ў словах і пачуццях, таму створаныя ім літаратурныя вобразы ўспрымаюцца як рэальныя. У творчасці Віктара Праўдзіна ўзнімаюцца вострыя праблемы нашай сучаснасці. Пазнаёміў аўтар і з другой кнігай рамана “Нелюбімыя гінуць”, якая напрыканцы мінулага года выдадзена выдавецтвам “Мастацкая літаратура”.
Цёплая атмасфера, утульная абстаноўка -- усё гэта стварала ўзнёслы настрой. Вучні задавалі пісьменніку шмат пытанняў, на іх ён адказваў шчыра, проста, адкрыта.
Напрыканцы сустрэчы Віктар Аляксандравіч перадаў у дар бібліятэцы кнігу ”Вандроўка да хлеба” -- сёмы выпуск серыі “Культурная спадчына Беларусі” выдавецтва “Чатыры чвэрці” на беларускай, рускай і англійскай мовах. Гэта своеасаблівы навігатар хлебнага  тура па Беларусі. Чытач атрымае выдатную магчымасць не толькі пазнаёміцца з гісторыяй хлебапякарства нашай краіны, але і прасачыць шлях ад зерня, кінутага ў зямлю, да духмянай буханкі, які знайшоў адбітак у павер’ях, звычаях, святах беларусаў, і паспрабаваць спячы хлеб па прапанаваных старажытных рэцэптах. 
 Вучні: Сташкевіч Ульяна, Высоцкая Ганна, Свілёнак Глеб, Кукуць Андрэй, Грыгаровіч Мікіта, Цярэшка Паліна, Буцько Вікторыя, Фёдараў Уладзіслаў-- удзельнікі сустрэчы, якія сталі пераможцамі раённых прадметных  алімпіяд, атрымалі ў падарунак кнігі з аўтографам пісьменніка.



2022-05-04 11:09